ТАВАРЫ́СКІ СУД,
грамадскі орган, які выбіраецца ў працоўных калектывах, навуч. установах, вайск. часцях, пры домакіраўніцтвах, сельскіх населеных пунктах і пасёлках адкрытым галасаваннем на агульных сходах калектываў. Парадак арганізацыі і дзейнасці Т.с. рэгламентуецца Палажэннем пра Т.с., зацверджаным Вярх. Саветам БССР 29.3.1977 (з наступнымі зменамі і дапаўненнямі). Т.с. разглядае справы пра парушэнні прац. дысцыпліны (прагул. спазненне), матэрыялы аб адм. парушэннях, а таксама некаторыя грамадз. справы (спрэчкі жыльцоў па выкарыстанні камунальнай уласнасці і аплаце камунальных паслуг, маёмасныя спрэчкі паміж грамадзянамі на невял. суму і інш.). Т.с. правамоцны ўжываць да парушальнікаў меры грамадскага ўздзеяння, ускласці грашовы штраф пэўных памераў і інш. спагнанні, прадугледжаныя Палажэннем.
Г.А.Маслыка.
т. 15, с. 370
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)